Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

29 ноября 2017 г. 14:13

346

4

Сяргей Кавалёў належыць да пакалення «Тутэйшых», і не проста фармальна, па ўзросту, але і рэальна – нават уваходзіў у кіраўніцтва літаратурнай суполкі – з’яўляўся намеснікам старшыні.

Пачынаў ён сваю літаратурную кар'ёру як паэт і літаратурны крытык. Найбольш удала ў яго атрымлівалася з крытыкай – адна за адной выйшлі два зборнікі артыкулаў і рэцэнзіяў - «Як пакахаць ружу» і «Партрэт шкла».

Але Кавалёў неўзабаве абірае навуку – літаратуразнаўства і пачынае вывучаць шматмоўную літаратурную спадчыну Вялікага княства Літоўскага. Праўда, цалкам мастацкі літаратурны цэх ён не пакінуў – але сканцэнтраваў свае творчыя сілы выключна на драматургіі. У дзевяностых і нулявых гадах яго п'есы актыўна ставілі як у Беларусі, так і за мяжой. І амаль усе кнігі Кавалёва, якія выходзілі ў 00-ых, - гэта былі або навуковыя манаграфіі, або зборнікі п'есаў. І вось Кавалёў у 2013 годзе, так бы мовіць, нечакана вярнуўся ў крытыку. Яго кніга «Пачвара ў рэліктавым лесе» прысвечана праблемам сучаснай літаратуры, драматургіі і тэатру.

Кніга ўтрымлівае тры раздзелы: Сёння, Учора і Тэатр. У першым раздзеле аўтар робіць агляд публікацый пра Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», разглядае драматургічныя здабыткі пакалення «Бум-Бам-Літ», а таксама аналізуе апошнія празаічныя творы Артура Клінава і Альгерда Бахарэвіча. У раздзеле «Учора» сабраныя выбраныя часопісныя публікацыі мінулых гадоў, у тым ліку і дыскусійныя матэрыялы з 90-х. Ёсць тут і артыкул пра паэзію паэткі з Беласточчыны Надзеі Артымовіч. А завяршаецца кніга артыкуламі пра тэатр.
Такім чынам Сяргей Кавалёў як бы нагадаў, што ён не пакінуў па-за сваёй увагай сучасную беларускую літаратуру і ўважліва сочыць за сучасным літаратурным працэсам.

Цяжка сказаць, калі Сяргей Кавалёў напіша новую падобную кнігу. Яшчэ складаней назваць герояў гэтай кнігі. Беларуская літаратура імкліва развівацца. І праблема – вясковая яна ці гарадская – яе ўжо даўно не цікавіць. Беларуская літаратура выйшла за ўсеагчымыя межы, у тым ліку і геаграфічныя. Сяргей Кавалёў, які сёння жыве ў Любліне, гэта выдатна разумее і бачыць.