Больше рецензий

11 февраля 2023 г. 15:37

182

4 Непамернае гора і пачуццё здрады

Страта дарагога чалавека - незаменная. Глыбіню гэтага гора немагчыма зразумець. Гэта тое, што нават найгоршаму ворагу не пажадаеш. Жыццё падзяляецца на "да" і "пасля", і нічога ужо не будзе так, як раней.

Мая сям'я сутыкнулася з гэтым у жніўні 2008 года, калі стрыечны брат патануў у рацэ. Яму было 8 гадоў. Я - на год старэйшая. Мы усе жывем без Косці даўжэй, чым з ім, але адгалоскі той трагедыі раздаюцца і дагэтуль. Я памятаю, як у той страшэнны дзень я пасварылася з ім і нават ўдарыла (мы часта сварыліся). І усё наступнае жыццё я вінавачу сябе, што так і не змагла памірыцца з ім па-сапраўднаму. Шлюб цёткі  затрашчаў па швах (яна развялася з мужам праз некалькі гадоў), стрыечная сястра так і не зразумее, што ж гэта - мець старэйшага брата, а Сяргей, які нарадзіўся ў 2010 годзе, ведае пра Косцю толькі дзякуючы гісторыям. З памяці сціраецца яго голас, але ўзгадваецца вобраз хлопчыка, які ненавідзеў боты і  свае апошнія канікулы правёў на ровары басанож.

У дзяцінстве лягчэй пераносіць страту. Пакуль ты маленькі, ты амаль не разумееш, што адбываецца. Цяжэй становіцца тады, калі дасягаеш усвядомленага ўзросту, калі ўсё ўспрымаецца занадта блізка да сэрца. Тады самота здаецца бясконцай, адсутнічае жаданне жыць ранейшым жыццём, а любы ўсплёск радасці ўспрымаецца як здрада ў адносінах да памерлага.

Але дні працягваюцца. Наша трагедыя не тычыцца іншых людзей. І вось ужо сябры са двара, якім я расказала пра няшчасце ў сям'і, не бачаць у гэтым нічога дрэннага. Для іх Косця - незнаёмы хлапчук, а для мяне - родная кроў.

Для галоўнай гераіні кнігі страта старэйшай сястры абярнулася трагедыяй. Планы на жыццё раптоўна зніклі. Ленні была зусім не гатовая апынуцца ў цэнтры ўвагі, бо яна заўсёды была ззаду Бэйлі. А цяпер яна засталася адзінай унучкай і пляменніцай. Пачуццё страты паглынае з галавой, раптоўна адкрываюцца таямніцы... Дзяўчына страціла надзею і таму аказваецца паміж  бойфрэндам сваёй сястры, які падзяляе з ёй гора, і новым трубачом, якому яна падабаецца. Кожны з іх марыць пра ўвагу Ленні, але тая не ведае, які выбар её зрабіць. І побач няма роднага чалавека - сястры, - які б палегчыў рашэнне.

Але ў свой час Дамблдар казаў: "Шчасце можна знайсці нават ў цёмныя часы, калі не забываць звяртацца да святла". Таму прыйшоў час дзейнічаць і будаваць новае жыццё, каб не было цяжка.