Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

30 июля 2022 г. 13:55

92

5

Гэтае выбранае паэзіі Леаніда Дранько-Майсюка выйшла ў «Залатой серыі. Паэзія ХХ стагоддзя» выдавецтва «Мастацкая літаратура». Бадай што ён стаў самым маладым паэтам, які здолеў патрапіць у гэтую прэстыжную серыю. Выбранае аб'яднала лепшыя вершы са зборнікаў «Вандроўнік», «Над пляцам», «Тут», «Акропаль» і «Стомленасць Парыжам». А гэта як раз самыя любімыя мае зборнікі Леаніда Дранько-Майсюка.

Вершы з кожнага зборніка прыкметна адрозніваюцца, і не толькі больш дакладным паэтычным словам. Першая кніга надзвычай давід-гарадоцкая, палеская. Тут шмат малюнкаў з дзіцячых успамінаў, палескіх краявідаў, ракі Гарыні, сонечнага святла на родным ганку, бацькоўскай прысутнасці.

Хата мая, дзе павоі цвітуць...
Сонечны круг на хаце,
У кожным промні па зыркім цвіку
Гэта таксама распяцце...

І ад зборніка да зборніка пашыраецца паэтычны абсяг. У другім зборніку ўжо прысутнічае сталіца радзімы Менск, хоць і гэты зборнік пераважна давід-гарадоцкі.

Як боб, рассыпаецца свіст начы —
На рэйкі, на дрот і на бляху.
Трамвай адлюструецца ў Свіслачы
Шпалерынай жоўтага даху.

Або

Цяжкое трамвайнае кола,
Адбегшыся з-пад вагона,
Паўз яткі, кавярні і школы
Імчала па Менску шалёна.

Зборнік «Тут» ужо хутчэй агульнабеларускі. Тут паўстаюць не толькі краявіды, малюнкі і ўспаміны, але з'яўляюцца сацыяльныя тэмы, напрыклад, пра праблемы з роднай мовай, гістарычныя рэтраспекцыі, як у паэме «Гародня. 1919».

Ты гаспадар у родным краі
І як свядомы афіцэр
Добраахвотнікаў збіраеш
Пад сцяг дзяржавы БНР.

Ну а зборнікі «Акропаль» і «Стомленасць Парыжам» ужо сваімі назвалі гавораць, што паэт пашырыў свой паэтычны абсяг да еўрапейскіх даляглядаў.

I да цябе — на голас далікатны
Цякла артэрыяльная Гарынь,
I зноў мяне вандроўнае бельканта
Вяло ў Афіны праз вучнёўскі Рым...

Але паэт праз усе гэтыя кнігі ўслаўляе хараство і ідэал. Дзеля чаго гэта ён робіць тлумачыцца ў анатацыі да кнігі:

«Захаванне паэзіі — асноўная тэма, якая хвалюе Леаніда Дранько-Майсюка. Аутар упэўнены: калі валадары свету адзіным фронтам выступяць супраць паэтаў — паэзія не знікне. Яна знікне толькі тады, калі сатрэцца мяжа паміж ідэалам і рэчаіснасцю, калі ідэал небяспечна наблізіцца да жыцця — гата значыць, калі ён будзе знішчаны жыццем.»